4
УВОДЗІНЫ У сённяшні час фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, якое
знаходзіць сваё праяўленне ў гісторыка-патрыятычным выхаванні моладзі, працякае
ў складаных умовах, уплыў на якія аказваюць дзве супрацьлеглыя тэндэнцыі. З
аднаго боку, паглыбляюцца працэсы самапазнання беларускай нацыі пад
уздзеяннем суверэнізацыі, пашыраецца аднаўленне нацыянальных духоўных
традыцый шляхам прапаганды і папулярызацыі праз краязнаўства тых аспектаў
нацыянальнай культуры, у якіх яскрава праяўляюцца наша самабытнасць і народная
спецыфіка. Пераважна краязнаўства выступае арыенцірам у выхаванні гістарычнай
памяці народа, яго нацыянальнай самасвядомасці, павагі і беражлівасці да роднага
краю. З другога боку, сучасныя глабалізацыйныя працэсы, трансфарма-цыя
геапалітычнага абшару і парушэнні звычайных культурных сувязяў, а таксама
праблемы інтэграцыі і захавання асабістай культурнай ідэнтычнасці запавольваюць
працэс замацавання ўстойлівага нацыянальнага самаўсведамлення сярод беларусаў.
Праблемы самавызначэння і самасвядомасці беларускай нацыі маюць
працяглую гісторыю, аднак асабліва востра яны паўсталі ў міжваенны перыяд на
тэрыторыі Заходняй Беларусі, пад якой, у сэнсе асобнага этнаграфічнага рэгіёну ў
межах II Рэчы Паспалітай, трэба разумець тэрыторыі Гродзенскай губерні,
Навагрудскага, Пінскага, часткі Мазырскага, Мінскага і Слуцкага паветаў Мінскай
губерні, Ашмянскага, Дзісненскага і Лідскага паветаў Віленскай губерні, якія
паводле Рыжскай мірнай дамовы ад 18 сак. 1921 г. былі далучаны да Польшчы, а
таксама Вільню і тэрыторыю Віленскага, Свянцянскага, часткі Трокскага паветаў,
перададзеныя Літоўскай рэспубліцы па савецка-літоўскаму мірнаму дагавору ад
12 ліп. 1920 г. і захопленыя ў кастр. 1920 г. польскімі войскамі [86, с. 57]. Дзякуючы
рэзкай адасобленасці Віленскага, Навагрудскага, Палескага і большай часткі
Беластоцкага ваяводстваў ад карэнных польскіх абшараў, неафіцыйная назва
“Заходняя Беларусь” (тэрмін упершыню быў ужыты ў 1923 г. вядомым дзеячам
Камінтэрна К. Радэкам для вызначэння абшару дзейнасці КПЗБ) і блізкія ёй “Kresy
wschodnie”, “Ziemie Wschodnie”, “Kresy północno-wschodnie” у далейшым
замацаваліся менавіта за гэтай часткай ІІ Рэчы Паспалітай з пераважна беларускім,
беларуска-літоўскім і беларуска-ўкраінскім насельніцтвам [71, с. 4].
Згодна з умовамі дадатковага пратакола да § 93 Версальскага трактата,
падпісанага Польшчай і Антантай у чэрв. 1919 г ., польскае кіраўніцтва гарантавала
забеспячэнне ўсіх асноўных правоў нацыянальным меншасцям у межах ІІ Рэчы
Паспалітай [141, с. 130]. Гэтыя палажэнні былі падмацаваны польскай Канстытуцыяй
1921 г . (арт. 108 і 109) і асобнымі артыкуламі Рыжскай мірнай дамовы. Адзначаныя
дакументы гарантавалі заходнебеларускаму грамадству ў межах польскай дзяржавы
ўсе магчымасці для свабоднага развіцця культуры, мовы і веравызнанняў, а таксама
“правы сходу , стварэння нацыянальных арганізацый і таварыстваў , права захавання
сваёй нацыянальнасці і аховы сваёй мовы і нацыянальных асаблівасцяў” [178, с. 17].
Аднак у рэальным жыцці стаўленне да нацыянальных меншасцяў з боку польскага
ўрада значна адрознівалася ад дэклараваных заяў і скіравана было на замацаванне
5
другараднай ролі беларусаў у грамадска-палітычным і культурным жыцці рэгіёну .
Адным з напрамкаў барацьбы польскіх улад з беларускім нацыянальна-
вызваленчым рухам з’яўлялася ўкараненне польскай нацыянальнай свядомасці
сярод мясцовага грамадства шляхам асветніцтва, культурнай і краязнаўчай
дзейнасці. Меркавалася, што польскі краязнаўчы рух часткова зменшыць
культурна-нацыянальныя патрабаванні беларускага насельніцтва, а навукова-
даследчая і асветніцкая дзейнасць польскіх краязнаўчых устаноў на далучаных
тэрыторыях дазволіць праводзіць латэнтную паланізацыю беларусаў.
У адпаведнасці з гэтымі палажэннямі, рэгіянальны краязнаўчы рух на
тэрыторыі Заходняй Беларусі заўсёды разглядаўся як частка агульнапольскага
краязнаўства, якое ў сваю чаргу абапіралася пераважна на навуковыя таварыствы,
мела сваю праграму дзеянняў і арганізацыйную структуру на чале з міністэрствам
веравызнанняў і публічнай асветы (далей ВПА) і Польскім краязнаўчым
таварыствам (далей ПКТ). Нягледзячы на маштабнасць і сістэмнасць у правядзенні
кіруючымі коламі ІІ Рэчы Паспалітай паланізацыйнай дзейнасці праз краязнаўства,
сярод мясцовага насельніцтва Заходняй Беларусі праявіліся тэндэнцыі да захавання
ўласнай гісторыка-культурнай спадчыны і разгортвання розных форм нацыянальна-
вызваленчай барацьбы, што выклікала больш жорсткія адносіны дзяржавы да
нацыянальна-культурнай палітыкі ў гэтым рэгіёне.
Пашырэнне ў сярэдзіне 1920-х гг. нацыянальна-вызваленчага руху на
тэрыторыі Заходняй Беларусі, які пачаў паспяхова супрацьстаяць паланізацыі краю,
у сваю чаргу запатрабавала стварэння заходнебеларускіх краязнаўчых устаноў, якія
закліканы былі абуджаць нацыянальную самасвядомасць і выхоўваць патрыятызм
да роднага краю ў розных групах заходнебеларускага насельніцтва, захоўваць
аўтэнтычныя формы беларускай культуры, аб’ядноўваць і далучаць да працэсу
вывучэння нацыянальнай спадчыны ўсё грамадства Заходняй Беларусі. Сваёй
дзейнасцю краязнаўчыя ўстановы аб’ядноўвалі людзей розных сацыяльных груп і
рознага ўзроўню адукацыі, нават неадукаваных, якія праз краязнаўства імкнуліся да
ведаў, пашыралі свой кругагляд, вучыліся цаніць гістарычную спадчыну свайго
народа. Трэба таксама адзначыць, што заходнебеларускія краязнаўчыя таварыствы і
музеі не толькі вывучалі гісторыю, культуру і прыроду гэтага рэгіёну, але і шмат
зрабілі для збору, уліку і захавання мясцовых помнікаў гісторыі і культуры. Аднак, у
параўнанні з польскімі, беларускія краязнаўчыя арганізацыі не былі шматлюднымі і
не мелі даволі разнастайных напрамкаў дзейнасці, таму што прадстаўнікі
рэвалюцыйнага і дэмакратычнага лагераў нацыянальна-вызваленчага руху
Заходняй Беларусі першапачаткова не бачылі ў краязнаўстве дзейсных сродкаў
барацьбы з паланізацыяй, адводзячы гэтую ролю пераважна нацыянальнай школе, а
потым яны не здолелі пераадолець ідэалагічную складаючую агульнапольскага
краязнаўства, выкарыстаную ўладамі для правядзення паланізацыйнай унутранай
палітыкі.
Пералічаныя палажэнні акрэсліваюць кола пытанняў, якія патрабуюць
далейшага высвятлення падчас правядзення дысертацыйнага даследавання.
6
АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РАБОТЫ Актуальнасць тэмы дысертацыі. Пытанне станаўлення і пашырэння ў
1921—1939 гг. нацыянальнай самасвядомасці беларускага насельніцтва ў
Заходняй Беларусі з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў сучасных
гістарычных даследаванняў. У разглядаемы перыяд у новаўтворанай ІІ Рэчы
Паспалітай адбываліся працэсы інтэграцыі асобных тэрыторый, якія раней
уваходзілі ў розныя дзяржаўныя ўтварэнні. Інтэграцыя закранула не толькі
ўласна прадстаўнікоў польскай нацыі, але была накіравана і на паланізацыю
аўтахтоннага насельніцтва Заходняй Беларусі, якая па Рыжскай мірнай дамове
1921 г. увайшла ў склад ІІ Рэчы Паспалітай. Водгукам на паланізацыйную
дзейнасць і нацыянальны прыгнёт з’явіўся нацыянальна-вызваленчы рух
заходнебеларускага насельніцтва, у ходзе разгортвання якога пачалося
фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці і ідэйная кансалідацыя
насельніцтва Заходняй Беларусі. Важную ролю ў гэтых працэсах павінна было
адыграць краязнаўства, якое не толькі папулярызавала нацыянальную і
культурную спадчыну беларускага народа, але і фарміравала светаўспрыманне,
выразна акрэслівала грамадзянска-патрыятычную пазіцыю асобы.
Менавіта адзначаныя сутнасныя характарыстыкі краязнаўчай дзейнасці
былі выкарыстаны з рознай ступенню паспяховасці як прадстаўнікамі
заходнебеларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў распрацоўцы прынцыпаў
барацьбы, так і кіруючымі коламі ІІ Рэчы Паспалітай у рэалізацыі
паланізацыйных праграм. Нягледзячы на мэтавую супрацьлегласць, абодвума
гэтымі бакамі краязнаўства разглядалася як важны сродак дасягнення
паспяховых вынікаў сваёй дзейнасці.
Пасля абвяшчэння суверэнітэту, у Рэспубліцы Беларусь краязнаўству быў
нададзены новы імпульс развіцця, з вылучэннем краязнаўчай дзейнасці як
рашаючага фактара сучаснага выхавання грамадства. Дзяржава паставіла перад
краязнаўствам мэту паляпшэння ідэйна-палітычнага, працоўнага і маральнага
выхавання моладзі, зыходзячы з таго, што змест асноўных кірункаў беларускага
краязнаўства захоўваўся нязменным, выконваючы ў розныя часы дакладную
адукацыйна-выхаваўчую задачу. Таму аднаўленне станоўчых элементаў
краязнаўчай дзейнасці міжваеннага часу і вопыту дзейнасці заходнебеларускіх
краязнаўчых аб’яднанняў з’яўляецца вельмі карысным не толькі для
рэарганізацыі сучаснай сеткі краязнаўчых устаноў рэспублікі, але і для
фарміравання нацыянальна-дзяржаўнага падыходу да вызначэння зместу
патрыятычнага выхавання.
Актуальнасць тэмы дысертацыі абумоўлена адсутнасцю самастойнага
даследавання заходнебеларускага краязнаўства ў беларускай гістарычнай
навуцы. У савецкі час пры вывучэнні гісторыі міжваеннага перыяду перавага
надавалася распрацоўцы пытанняў класавай і нацыянальна-рэвалюцыйнай
барацьбы ў Заходняй Беларусі. Па-за ўвагай даследчыкаў засталіся праблемы
навукова-краязнаўчай і даследчыцка-збіральніцкай дзейнасці заходнебела-
7
рускіх грамадскіх аб’яднанняў, да таго ж, шэраг ранейшых высноў і палажэнняў
патрабуюць пераасэнсавання ці ўдакладнення. Пры гэтым практычна
адсутнічаюць спецыяльныя даследаванні, прысвечаныя станаўленню
міжваеннага краязнаўчага руху непасрэдна на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
Між тым, аб’ектыўны аналіз дзейнасці заходнебеларускіх краязнаўчых устаноў
дазволіць паглыбіць уяўленні аб ступені развіцця асаблівасцей грамадскага
жыцця ў Заходняй Беларусі ў разглядаемы перыяд, аб характары палітычнага
рэжыму, дыферэнцыяцыі грамадства і становішчы беларускага насельніцтва,
што таксама вызначае актуальнасць дысертацыі.
Сувязь работы з буйнымі навуковымі праграмамі, тэмамі.
Дысертацыя звязана з тэматыкай навукова-даследчых прац, якія выконваліся на
кафедры гісторыі і беларусазнаўства (з 1 красавіка 2005 г. кафедра гісторыка-
патрыятычнага выхавання) Дзяржаўнай установы адукацыі “Рэспубліканскі
інстытут вышэйшай школы” ў рамках сувыканання тэмы-заказа Міністэрства
адукацыі Рэспублікі Беларусь “Гістарычныя лёсы Беларусі (ІХ—ХХ стст.):
актуальныя праблемы гісторыі і сучаснасці” (дзяржаўны рэестр НДВКР
№ 19991948). Тэма дысертацыйнага даследавання зацверджана пратаколам
Вучонага савета РІВШ ад 29 лютага 2000 г. № 6.
Мэта і задачы даследавання. Мэтай дысертацыйнага даследавання
з’яўляецца комплексны навуковы аналіз краязнаўчага руху ў Заходняй Беларусі
ў 1921—1939 гг. і вызначэнне яго ролі ў станаўленні нацыянальнай
самасвядомасці беларускага народа. Для дасягнення мэты ў рабоце неабходна
вырашыць наступныя асноўныя задачы:
− асвятліць тэарэтычныя падыходы ў гістарыяграфіі да вывучаемай
праблемы;
− разгледзець асноўныя праграмна-ідэалагічныя аспекты заходнебеларускага
краязнаўства і прынцыпы польскай палітыкі ў адносінах да краязнаўчай
дзейнасці з пункту гледжання іх суадносін з агульнаеўрапейскімі ідэйнымі
плынямі;
− ахарактарызаваць удзел прадстаўнікоў нацыянальна-вызваленчага руху і
беларускай грамадскасці ў захаванні народнай гісторыка-культурнай
спадчыны, зрабіць заключэнне аб ступені задавальнення інтарэсаў
беларускай меншасці ў польскай дзяржаве;
− вызначыць характар і класіфікаваць арганізацыйныя формы краязнаўчага
руху ў Заходняй Беларусі з вылучэннем тыпалагічных груп у межах
кожнага віду ўтварэнняў, прасочваючы ўзаемасувязь іх мэтавых установак і
ступені фармалізацыі;
− вызначыць асноўныя фактары, якія ўплывалі на трансфармацыю
краязнаўчага руху ў Заходняй Беларусі, цяжкасці і поспехі ў яго развіцці;
− абагульніць уклад заходнебеларускага краязнаўства ў развіццё
нацыянальна-культурнага жыцця рэгіёну, у справу фарміравання
нацыянальнай самасвядомасці насельніцтва Заходняй Беларусі.
8
Аб’ект і прадмет даследавання. Аб’ектам даследавання з’яўляецца
грамадска-палітычнае і культурнае развіццё Заходняй Беларусі ў міжваенны
перыяд. Прадмет даследавання — краязнаўчая дзейнасць дзяржаўных,
грамадскіх, школьных і акадэмічных аб’яднанняў, рэгіянальных музеяў і яе
ўплыў на працэсы захавання культурнай спадчыны і пашырэння нацыянальнай
самасвядомасці заходнебеларускага насельніцтва.
Гіпотэза. Заходнебеларускае краязнаўства на працягу 1921—1939 гг.
з’яўлялася часткай краязнаўчага руху Польшчы, яго станаўленне і развіццё
было аб’ектыўна абумоўлена, з аднаго боку, агульнапольскімі працэсамі
рэгіяналізацыі і паланізацыі, а з другога — пашырэннем беларускага
нацыянальна-вызваленчага руху. Суб’ектыўна разгортванне краязнаўчага руху
на тэрыторыі Заходняй Беларусі вызначалася прафесійным узроўнем асобы
краязнаўцы і адносінамі да гэтай дзейнасці мясцовага насельніцтва. Пэўная
асаблівасць павольнага развіцця заходнебеларускага краязнаўства была
абумоўлена шматнацыянальным складам насельніцтва Заходняй Беларусі,
удзелам у краязнаўчай дзейнасці арганізацый і ўстаноў, якія адрозніваліся як
палітычным і нацыянальным абліччам, так і ідэалагічнай накіраванасцю.
Метадалогія і метады праведзенага даследавання. Метадалагічнай
асновай праведзенага даследавання былі абраны такія базавыя прынцыпы
навуковага пазнання гістарычных працэсаў, як аб’ектыўнасць і гістарызм, што
дазволіла метадалагічна выверана вывучыць такі складаны феномен грамадска-
палітычнага і культурнага жыцця Заходняй Беларусі, як краязнаўчы рух.
Даследаванне было праведзена з выкарыстаннем агульнанавуковых і
спецыяльна-гістарычных метадаў. Да першых можна аднесці абагульненне,
аналіз, сінтэз, параўнанне, індукцыю і дэдукцыю. Да другіх — гісторыка-
генетычны, гісторыка-параўнаўчы, гісторыка-тыпалагічны і гісторыка-сістэмны
метады. Неабходнасць выкарыстання ў даследаванні тых ці іншых метадаў
ставілася ў залежнасці ад мэты і задач, наяўнасці і характару крыніцазнаўчай
базы, стану гістарыяграфічнай распрацоўкі пэўнай праблемы вывучаемай тэмы.
Навуковая навізна і значнасць атрыманых вынікаў заключаецца ў
тым, што на падставе шырокага кола крыніц і сучасных метадалагічных
падыходаў упершыню праведзена комплекснае даследаванне краязнаўчай
дзейнасці на тэрыторыі Заходняй Беларусі з асвятленнем і аналізам умоў,
характару і тэндэнцый яе культурнага і грамадска-палітычнага развіцця. У
дапаўненне да савецкай гістарыяграфіі, якая з класавых пазіцый разглядала
аб’ектам паланізацыйнага ўздзеяння польскіх улад пераважна палітычную і
асветную дзейнасць, дадзенае даследаванне даказвае, што адным з напрамкаў
ідэалагічнага ўздзеяння кіруючых колаў ІІ Рэчы Паспалітай на беларускую
меншасць з’яўлялася таксама і краязнаўства.
Шырыня падыходу да ўзнятай праблемы дазволіла зрабіць новыя
арыгінальныя высновы, істотныя для разумення сутнасці заходнебеларускага
нацыянальна-вызваленчага руху. У даследаванні высвятляюцца ўмовы, характар
і тэндэнцыі выкарыстання нацыянальна-дэмакратычным і рэвалюцыйным
9
лагерамі грамадскай краязнаўчай дзейнасці ў пашырэнні ідэі нацыянальна-
вызваленчага руху сярод заходнебеларускага насельніцтва. Менавіта такая
пастаноўка праблемы дазваляе раскрыць прычыны нарастання супярэчнасцей у
разгортванні краязнаўчай дзейнасці ў міжваенны перыяд на тэрыторыі
Заходняй Беларусі і паказвае шляхі іх вырашэння. Акрамя таго, падчас
даследавання была зроблена ацэнка палітыкі кіруючых колаў польскай
дзяржавы ў дачыненні да краязнаўства; прааналізаваны прававы стан і
асноўныя заканадаўча-нарматыўныя дакументы ІІ Рэчы Паспалітай, якія
рэгламентавалі краязнаўчую дзейнасць, залежнасць дзейнасці краязнаўчых
устаноў ад палітычнага курса, узаемадзеянне з імі цэнтральных і мясцовых
улад, органаў нагляду ІІ Рэчы Паспалітай; залежнасць дзейнасці краязнаўчых
устаноў ад узроўню нацыянальнай самасвядомасці, сацыяльна-эканамічнага і
культурнага становішча заходнебеларускага насельніцтва.
Неабходна адзначыць, што навуковая значнасць атрыманых вынікаў
дысертацыйнага даследавання заключаецца і ў вызначэнні пэўных сістэмных
характарыстык, асаблівасцей асноўных тыпаў краязнаўчых устаноў, іх
дыферэнцыяцыі, уключанасці прадстаўнікоў заходнебеларускага краязнаўства ў
нацыянальна-вызваленчы рух Заходняй Беларусі. Увядзенне ў навуковы абарот
малавядомых матэрыялаў (звесткі аб дзейнасці і арганізацыйнай будове
асобных краязнаўчых арганізацый на тэрыторыі Заходняй Беларусі, аб ідэйна-
праграмных кірунках заходнебеларускага краязнаўства) дазволіла пры шырокім
выкарыстанні дасягненняў айчыннай і замежнай гістарыяграфіі атрымаць
цэласную карціну вывучаемай тэмы. Акрамя таго, дысертантам быў
удакладнены шэраг гістарычных даных (праца па захаванні гісторыка-
культурнай спадчыны, развіццё музейнай справы і інш.), якія ўжо
выкарыстоўваліся навукоўцамі, аднак не ў дастатковай ступені адлюстроўвалі
аб’ектыўную рэчаіснасць. У дысертацыйнай рабоце прааналізаваны асноўныя
нарматыўныя дакументы, якія адносяцца да працэсу станаўлення і развіцця
заходнебеларускага краязнаўства міжваеннага перыяду. Работа накіравана на
стымуляванне далейшых гістарычных даследаванняў у гэтай галіне.
Практычная значнасць атрыманых вынікаў. Вынікі дадзенага
даследавання могуць быць выкарыстаны як для больш глыбокага вывучэння
акрэсленых у ім праблем, так і для далейшых навукова-тэарэтычных
распрацовак іншых аспектаў развіцця грамадска-палітычнага і культурнага
жыцця Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд. Матэрыялы дысертацыі будуць
карыснымі пры складанні лекцыйных курсаў па гісторыі Беларусі ХХ ст., а
таксама пры распрацоўцы спецыяльных курсаў па асобных пытаннях развіцця
грамадска-палітычнага жыцця і культуры Заходняй Беларусі. Шырокая
фактычная база дысертацыі можа быць прыменена для напісання манаграфій і
абагульняючых навуковых выданняў, артыкулаў, навучальных дапаможнікаў па
гісторыі Беларусі як для сярэдняй школы, так і для ВНУ . Акрамя таго,
матэрыялы дысертацыі могуць быць выкарыстаны ў практычнай дзейнасці
спецыялістамі, якія займаюцца гісторыка-патрыятычным выхаваннем моладзі.
10
Асноўныя палажэнні дысертацыі, якія выносяцца на абарону:
1.Краязнаўчы рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг.
фарміраваўся пад уплывам двух супрацьлеглых фактараў: пашырэння
нацыянальнай самасвядомасці заходнебеларускага насельніцтва ў працэсе
разгортвання беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, з аднаго боку, і
паланізацыйнага характару палітыкі кіруючых колаў ІІ Рэчы Паспалітай у
дачыненні да нацыянальных меншасцей — з другога.
2.У выніку недахопу сродкаў і жорсткай дзяржаўнай палітыкі
заходнебеларускае краязнаўства не здолела на працягу 1921—1939 гг.
ператварыцца ў самастойны грамадска-культурны рух, але выклікала
пашырэнне нацыянальна-вызваленчых ідэй сярод беларускага насельніцтва і
вызначыла агульную тэндэнцыю яго супраціўлення паланізацыі.
3.Краязнаўчы рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг. развіваўся
ў межах дзяржаўнага, грамадскага, школьна-акадэмічнага і музейнага
кірункаў. Рэалізацыя дзейнасці асобных напрамкаў заходнебеларускага
краязнаўчага руху непасрэдна залежала ад ведамаснай прыналежнасці
арганізацый, нацыянальнага складу сяброў і адносін мясцовага насельніцтва
да краязнаўчых даследаванняў у межах рэгіёну.
4.Галоўным прынцыпам палітыкі кіруючых колаў ІІ Рэчы Паспалітай у
дачыненні да краязнаўчага руху на тэрыторыі Заходняй Беларусі было
захаванне другараднай ролі беларусаў у культурным і грамадска-палітычным
жыцці рэгіёну, стварэнне перашкод разгортванню сярод іх краязнаўчай
дзейнасці ўласна нацыянальнай накіраванасці.
5.Узнікненне і дзейнасць нацыянальных заходнебеларускіх таварыстваў і
музеяў краязнаўчага профілю садзейнічала захаванню мастацка-гістарычных
каштоўнасцей беларускага народа, абуджэнню яго нацыянальнай
самасвядомасці, выхоўвала патрыятызм у адносінах да роднага краю ў
розных пластах грамадства. Уся гэта шматгранная і плённая культурная і
навукова-даследчая дзейнасць нацыянальных заходнебеларускіх краязнаўчых
арганізацый павінна была супрацьстаяць паланізатарскім памкненням
кіруючых колаў ІІ Рэчы Паспалітай.
Асабісты ўклад суіскальніка. Дысертацыя прадстаўляе сабой вынік
шматгадовай працы (2000—2005 гг.) і прысвечана даследаванню краязнаўчага
руху на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг., вызначэнню сутнасці і
асноўных кірункаў яго развіцця. Увесь аб’ём даследавання па тэме дысертацыі
даследчыкам выкананы самастойна. З усіх напрамкаў краязнаўчай дзейнасці на
тэрыторыі Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) толькі асобныя аспекты развіцця
музеяў і дзейнасці таварыстваў па ахове народных промыслаў былі аб’ектамі
вывучэння папярэдніх даследчыкаў. Дысертантам упершыню даследавана
практыка дзяржаўных колаў ІІ Рэчы Паспалітай па выкарыстанні краязнаўства
на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў палітыка-ідэалагічных мэтах, акрэслены
прававыя варункі разгортвання краязнаўчага руху, функцыянавання розных
краязнаўчых устаноў, колькасць гэтых арганізацый і эвалюцыя іх дзейнасці.
11
Апрабацыя вынікаў дысертацыі. Вынікі навуковага даследавання ,
уключаныя ў дысертацыю, былі агучаны на 15 навуковых канферэнцыях:
Міжнар. навук.-практ. канф. студэнтаў і аспірантаў ВНУ “Славянскі свет:
міжэтнічныя адносіны на памежжы трэцяга тысячагоддзя” (16—
17 лістап. 2001 г., г. Брэст), Міжнар. навук. канф. “Гісторыя Беларусі:
праблемы даследавання і выкладання” (23—24 крас. 2002 г., г. Мінск), Рэспуб.
навук. канф. “Актуальныя праблемы гісторыі Беларусі: стан, здабыткі і
супярэчнасці, перспектывы развіцця” (3—4 мая 2002 г., г. Гродна), Рэспуб.
навук.—практ. канф. “Тэндэнцыі і праблемы сацыякультурнага развіцця
Рэспублікі Беларусь” (19 лістап. 2002 г., г. Мінск), Навук. канф. маладых
навукоўцаў “Чалавек, культура, цывілізацыя: праблема гістарычнага
выбару” (3 крас. 2003 г., г. Мінск), Міжнар. навук. канф. “Нацыянальна-
тэрытарыяльны фактар у гісторыі Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы ў
ХХ ст. і Расія (СССР)” (24—25 крас. 2003 г., г. Мінск), Трэцяй Міжнар. навук.
канф. “Менталітэт славян і інтэграцыйныя працэсы: гісторыя, сучаснасць,
перспектывы” (22—23 мая 2003 г., г. Гомель), Другой Рэсп. навук.-практ. канф.
“Палескі рэгіён і навука ХХІ ст.” (26 чэрв. 2003 г., г. Мазыр), Рэсп. навук.-
практ. канф. “Краязнаўства ў навучальна-выхаваўчым працэсе школ і
ВНУ” (16—17 кастр. 2003 г., г. Брэст), Навук.-практ. канф. “Асновы ідэалогіі
беларускай дзяржавы: метадалогія і методыка выкладання” (30 кастр. 2003 г.,
г. Мінск ) , Рэсп . навук . -практ. канф . “Сучасныя праблемы гістарыяграфіі
гісторыі” (28 лістап. 2003 г., г. Мінск), VI Міжвузаўскай навук.-метад. канф.
маладых навукоўцаў (14 мая 2004 г., г. Брэст), Міжнар. навук. канф. “Спадчына
культуры: страчаныя каштоўнасці, нявыкарыстаныя магчымасці” (7—
9 кастр. 2004 г., г. Каўнас, Літва), Міжнар. навук.-практ. канф. “Асоба ў
гісторыі: гераічнае і трагічнае” (12—13 лістап. 2004 г., г. Брэст), Міжнар.
навук.-практ. канф. маладых даследчыкаў “Садружнасць навук. Баранавічы–
2005” (22 лют. 2005 г., г. Баранавічы).
Апублікаванасць вынікаў . Тэарэтычны і фактычны матэрыял
дысертацыі і аўтарэферата знайшоў сваё адлюстраванне ў 22 артыкулах: 4 з іх
— у часопісах, што вызначаны ВАК Рэспублікі Беларусь для публікацыі
навуковых вынікаў доктарскіх і кандыдацкіх даследаванняў. Агульны аб’ём
надрукаваных матэрыялаў — 134 старонкі.
Структура і аб’ём дысертацыі . Дысертацыя складаецца з уводзін,
агульнай характарыстыкі работы, трох глаў, заключэння, спіса выкарыстаных
крыніц. Поўны аб’ём дысертацыі складае 104 старонкі тэксту. Спіс
выкарыстаных крыніц займае 26 старонак і ўтрымлівае 536 найменаванняў, у
тым ліку 289 — на замежных мовах.
Асобную частку дысертацыі складае дадатак, які адыгрывае ролю
самастойнага даследавання, дапаўняе і ўдакладняе вынікі дысертацыі, — спісы,
табліцы, фотаздымкі. Аб’ём дадатку складае 45 старонак.
12
ГЛАВА 1
ГІСТАРЫЯГРАФІЧНЫЯ, КРЫНІЦАЗНАЎЧЫЯ І
МЕТАДАЛАГІЧНЫЯ ПРАБЛЕМЫ СТАНАЎЛЕННЯ І РАЗВІЦЦЯ
ЗАХОДНЕБЕЛАРУСКАГА КРАЯЗНАЎЧАГА РУХУ
1.1. Гістарыяграфія праблемы Сярод даследаванняў, у якіх разглядаецца праблематыка дысертацыі, вылуча-
юць два асноўных напрамкі: першы прадстаўлены работамі савецкіх і беларускіх
навукоўцаў, якія прысвечаны вывучэнню міжваеннага краязнаўчага руху ў Заходняй
Беларусі, да другога адносяцца работы, выкананыя польскімі навукоўцамі і якія
датычаць разгляду краязнаўчай дзейнасці на заходнебеларускай тэрыторыі.
Пачатак даследавання асобных этапаў развіцця структураванага
краязнаўчага руху Заходняй Беларусі вывучаемага перыяду быў пакладзены
прадстаўнікамі савецкай гістарычнай школы яшчэ напачатку 1920-х гг. Для
даследаванняў гэтага перыяду характэрна больш эмпірычнае апісанне падзей,
чым іх глыбокі навуковы аналіз на аснове шырокага кола дакументальных
крыніц. Але гэтыя работы акрэслілі галоўныя напрамкі даследавання праблемы
і ў цэлым расставілі навуковыя і палітычныя акцэнты згодна з класавым
падыходам пры асвятленні гістарычных з’яў.
У савецкай гістарычнай навуцы другой паловы 1920-х гг. праблемы
сацыяльна-эканамічнага, грамадска-палітычнага і нацыянальна-культурнага
жыцця Заходняй Беларусі былі адлюстраваны ў дысертацыях, манаграфіях і
артыкулах. Гэтыя работы закраналі часткова і пытанні краязнаўчага руху, а
менавіта праблемы дзейнасці аб’яднанняў з уласна навукова-даследчымі,
культурнымі і краязнаўча-турыстычнымі мэтамі. Аднак комплексны аналіз
заходнебеларускага краязнаўства ў гэтыя часы не стаў аб’ектам спецыяльнага
даследавання, многія аспекты гэтай тэмы таксама засталіся па-за ўвагай
навукоўцаў і даследчыкаў створанай у 1927 г. Камісіі па вывучэнню Заходняй
Беларусі (пры прэзідыуме Інбелкульта, а потым пры АН БССР). Толькі
нешматлікія працы яе супрацоўнікаў з’яўляліся сапраўды вынікам навуковага
даследавання палітыкі ІІ Рэчы Паспалітай ў дачыненні да заходнебеларускіх
зямель. Найбольш адметнай працай гэтага часу з’яўляўся артыкул супрацоўніка
Камісіі К. Менскага, прысвечаны станаўленню польскай навукі ў Заходняй
Беларусі [176]. Гэтая работа вылучаецца сярод іншых даследаванняў свайго
часу дастаткова высокім навуковым і тэарэтычным узроўнем. Адзначым, што
даследчык не толькі даў кароткі агляд дзейнасці польскіх і заходнебеларускіх
навукова-культурных таварыстваў, але адзін з першых зрабіў выснову аб
паланізацыйным характары міжваеннага дзяржаўнага краязнаўства ў Заходняй
Беларусі.
Да ліку найбольш фундаментальных работ пачатку ХХ ст. па гісторыі
13
заходнебеларускага краязнаўчага руху можна аднесці работы М.І. Каспяровіча,
прысвечаныя зараджэнню і развіццю краязнаўства ў Заходняй Беларусі на
працягу ХІХ — пачатку ХХ стст. Часткова аналіз дзяржаўнай палітыкі ў
адносінах да заходнебеларускага краязнаўчага руху быў зроблены
М.І. Каспяровічам у артыкуле “Краязнаўства ў Эстоніі, Латвіі, Літве і
Польшчы”, дзе даследчык ахарактарызаваў станаўленне і развіццё беларускага
краязнаўства як з’яву шматгранную, а сам працэс развіцця як паслядоўны і
няспынны [129]. Цікавыя меркаванні аб характары развіцця заходнебеларускага
краязнаўчага руху прадстаўлены былі М.І. Каспяровічам у манаграфічнай
рабоце “Краязнаўства” [130]. Менавіта тут аўтар закрануў праблему
заходнебеларускага краязнаўства і ўпершыню адзначыў яго састаўны характар
як часткі агульнапольскага краязнаўчага руху 1920—1930-х гадоў. Даючы
кароткую характарыстыку дзейнасці рознага кшталту культурных і навукова-
даследчых устаноў і таварыстваў па вывучэнні гісторыі краю, аўтар суадносіць
з’яўленне заходнебеларускіх музеяў з развіццём гісторыка-краязнаўчых
даследаванняў і станаўленнем беларускай культуры ў цэлым.
Заслугоўвае таксама ўвагі і выдадзеная ў гэты перыяд праца Г.І. Гарэцкага,
дзе пераканаўча падаецца абгрунтаванне межаў Заходняй Беларусі ў ІІ Рэчы
Паспалітай і вызначэнне тэрмінаў “Заходняя Беларусь”, “Ziemie Wschodnie”,
“Kresy północno-wschodnie” [86]. Зыходным пунктам меркавання аўтара
з’яўляецца тэзіс, што толькі нацыянальна-этнаграфічныя межы могуць быць
пакладзены ў аснову вызначэння агульных межаў заходняй часткі Беларусі.
У пачатку 1930-х гг . беларуская гістарычная навука цалкам апынулася пад
партыйным кантролем, што не магло не аказаць пэўнага ўплыву на яе развіццё.
Гэтая акалічнасць сур’ёзна паўплывала на вывучэнне гісторыі Заходняй Беларусі і
вызначэнне палітычных прыярытэтаў. У сувязі з гэтым доўгі час пытанні
заходнебеларускага краязнаўчага руху не падвяргаліся дастаткова грунтоўнаму
навуковаму даследаванню і праблема даследчыцка-збіральніцкай дзейнасці таксама
асобна не закраналася. Наогул пераважная большасць брашур і кніг гэтага перыяду,
прысвечаных заходнебеларускай тэматыцы, мела невялікі аб’ём і з’яўлялася па
характары не столькі даследчыцкай, колькі палітычнай літаратурай [77, 85, 115].
Адсутнасць шырокай крыніцазнаўчай базы — архіўныя дакументы нават
цэлае дзесяцігоддзе пасля Вялікай Айчыннай вайны яшчэ не былі даследаваны і
сістэматызаваны — таксама стрымлівала працу вучоных у пасляваенны перыяд.
Арыентацыя на вывучэнне гісторыі КПЗБ у папярэднія часы прывяла да
аднавектарнага даследавання праблем гісторыі Заходняй Беларусі і ў гэты перыяд.
Самым плённым і выніковым перыядам у развіцці гістарыяграфіі Заходняй
Беларусі з’яўляецца 1956 г . — канец 1980-х гг ., калі панаваў “савецкі гістарычны
акадэмізм”. Толькі з “хрушчоўскай адлігай” у другой палове 1950-х гг . пачалося
шырокамаштабнае вывучэнне гісторыі Заходняй Беларусі. Асаблівасцю гэтага
перыяду з’яўлялася і тое, што навукоўцы імкнуліся да сапраўды навуковага
вывучэння мінулага ў яго супярэчлівых сувязях і канфліктах. У гэты час беларускімі
гісторыкамі А.А. Віхравым, П.І. Зялінскім, У .Ф. Ладысевым, А.М. Мацко,
14
У.А . Палуянам і інш . на аснове ўведзеных у навуковы зварот архіўных крыніц былі
падрыхтаваны манаграфіі і абаронены дысертацыі, якія асвятлялі розныя аспекты
нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі [76, 124, 141, 175, 190]. Яны
акрэслілі асноўныя напрамкі даследуемай заходнебеларускай праблематыкі і
склалі канцэптуальнае бачанне, у межах якога працавалі гісторыкі наступнага
перыяду. Значную ўвагу беларускія навукоўцы надавалі вывучэнню гісторыі
КПЗБ, між тым дзейнасць іншых арганізацый, якія былі пад уплывам
нацыянальна-дэмакратычных партый, амаль не разглядалася. Тым не менш,
неабходна адзначыць, што навукоўцы нават у такіх абставінах шмат зрабілі ў
справе шырокамаштабнага вывучэння Заходняй Беларусі міжваеннага часу.
Даследчыкі паказалі, што польскія ўлады імкнуліся да акаталічвання і
апалячвання мясцовага заходнебеларускага насельніцтва, праследавалі развіццё
беларускай нацыянальнай культуры з мэтай замацавання за сабой
заходнебеларускіх тэрыторый, зрабіць іх састаўной часткай польскай дзяржавы.
Адначасова ў адзначаны перыяд працягвалася праца па распрацоўцы
паняцця “краязнаўства”, а таксама метадалогіі і методыкі краязнаўчых
даследаванняў. Першай грунтоўнай працай такога напрамку ў пасляваенны час
з’явіўся дапаможнік па краязнаўству П.А. Лярскага [169]. Працягам гэтай
праблематыкі сталі вучэбныя дапаможнікі для гістарычных факультэтаў ВНУ па
гістарычным краязнаўстве пад рэдакцыяй Э.М. Загарульскага, Г.А. Каханоўскага,
Г.М. Мацюшына і якія былі выдадзены ў 1980-я гг. [125, 131, 126]. У гэтых
дапаможніках характарызаваліся розныя віды помнікаў і выкладалася методыка
іх даследавання, аднак гістарыяграфіі беларускага (у тым ліку і
заходнебеларускага) краязнаўства ў выданнях надавалася нязначная ўвага.
Да ліку першых навуковых прац пасляваеннага часу, прысвечаных разгляду
менавіта пытанняў станаўлення і развіцця акадэмічнага кірунку
заходнебеларускага краязнаўства сярод беларускіх студэнтаў, можна аднесці
дысертацыйнае даследаванне Л.П. Шабаевайтэ [242]. Аднак у рабоце няма
ацэнкі ідэйна-палітычнай накіраванасці студэнцкіх таварыстваў Віленскага
універсітэта, таму аўтар разглядае іх як аб’яднанні, сябры якіх актыўна прымалі
ўдзел у працэсе паланізацыі мясцовага насельніцтва.
У 1960—1980-я гг. беларускія гісторыкі ў розных варыянтах паўтаралі
ацэнкі, якія былі выказаны папярэднікамі. Новай праблематыкай, якая раней не
разглядалася даследчыкамі грунтоўна, з’явілася барацьба за заходнебеларускую
нацыянальную культуру супраць паланізацыі, а таксама ўсё большую ўвагу
даследчыкаў пачалі прыцягваць асобы заходнебеларускіх дзеячаў нацыянальна-
вызваленчага руху.
З канца 1980-х гг. у гістарыяграфіі Заходняй Беларусі адбыліся
кардынальныя зрухі, выкліканыя адыходам ад манапольнай класавай
метадалогіі і ўвядзеннем у навуковы абарот новых, раней недаступных
архіўных дакументаў. Аднак, па-ранейшаму значнае месца ў даследаванні
займалі працы гісторыка-партыйнай тэматыкі. Пры гэтым пачалося больш
крытычнае стаўленне да вопыту заходнебеларускага камуністычнага руху, але і
15
ў гэты перыяд асобы многіх вядомых дзеячаў нацыянальнай інтэлігенцыі
Заходняй Беларусі, якія з’яўляліся арганізатарамі і каардынатарамі
заходнебеларускага краязнаўчага руху, не занялі належнага месца ў работах
беларускіх гісторыкаў.
Некалькі першых гісторыка-краязнаўчых прац, якія з’явіліся ў БССР у эпоху
перабудовы, былі прысвечаны гісторыі Беларускага музея імя І. Луцкевіча. Сярод іх
работа Л.А. Луцкевіча прываблівае ўвагу змястоўнай і шмат у чым унікальнай
інфармацыйнай фактурай па гісторыі станаўлення і функцыянавання Беларускага
навуковага таварыства і Беларускага музея [167]. Аўтар падрабязна аналізуе
гісторыю стварэння таварыства і музея, іх развіццё, а таксама адносіны польскіх
улад да дзейнасці гэтых культурна-навуковых заходнебеларускіх устаноў.
Сучасны перыяд гістарычных даследаванняў (з пачатку 1990-х гг.)
характарызуецца новымі падыходамі беларускіх навукоўцаў А.М. Вабішчэвіча,
М.Я. Калацея, А.А. Савіча, Г.В. Церабунь да праблем заходнебеларускага
нацыянальна-культурнага руху [65—73, 132, 195, 217]. Аўтары імкнуцца даць
больш аб’ектыўную ацэнку грамадска-палітычным працэсам, якія раней
трактаваліся спрошчана і аднабакова. У адрозненні ад папярэдніх
дзесяцігоддзяў, у 1990-я гг. працы па заходнебеларускай праблематыцы
вызначаюцца дэталёвасцю і шматграннасцю: назіраліся спробы правесці
параўнальны аналіз грамадска-палітычнага і нацыянальна-культурнага жыцця ў
дзвюх адасобленых частках беларускага этнасу — у БССР і Заходняй Беларусі.
Менавіта ў гэты перыяд тэматыка міжваеннага заходнебеларускага
краязнаўчага руху набыла актуальнасць, аднак разглядалася яна не комплексна, а
ў рэчышчы такіх праблем, як: палітыка-ідэалагічныя падставы
заходнебеларускага вызваленчага руху, даследаванне гісторыі народнага
мастацтва і промыслаў, станаўленне і развіццё музейнай справы ў Заходняй
Беларусі, дзейнасць грамадскіх і дзяржаўных, культурных і навукова-даследчых
аб’яднанняў ІІ Рэчы Паспалітай па вывучэнні заходнебеларускай тэрыторыі.
Беларускія навукоўцы В.К. Бандарчык, В.П. Грыцкевіч, А.К. Краўцэвіч,
А.Ф. Літвіновіч у 1990-я гг. падрыхтавалі артыкулы, у якіх разглядаліся пытанні
аб месцы краязнаўства ў сучасным беларускім грамадстве і яго ролі ў
павышэнні нацыянальнай самасвядомасці і самавыхаванні беларусаў
[52, 87, 133, 147]. Аўтары звярнулі ўвагу на значны выхаваўчы патэнцыял
краязнаўчай дзейнасці ў працэсе гістарычнага станаўлення розных народаў.
Таксама трэба адзначыць значнасць гэтых работ, бо яны абгрунтоўваюць
неабходнасць існавання сучаснага краязнаўства і замацоўваюць станоўчыя
адносіны да яго з боку беларускага грамадства і, асабліва, моладзі.
Асобныя праблемы палітыкі польскіх улад у дачыненні да
заходнебеларускіх краязнаўчых таварыстваў і фарміраванне ідэалагічных
перадумоў польскага краязнаўства ў Заходняй Беларусі сталі прадметам
даследаванняў В.Г. Мазеца, Э.А. Мазько, А.М. Нечухрына і інш. [170—
172, 189, 177]. Аўтары звярнулі ўвагу на негатыўныя адносіны цэнтральных
органаў улады ІІ Рэчы Паспалітай да дзейнасці заходнебеларускіх навуковых і
16
культурна-асветных таварыстваў. Існаванне такіх таварыстваў разглядалася
навукоўцамі як адмоўная рэакцыя на нявырашанасць нацыянальнага пытання ва
ўнутранай палітыцы ІІ Рэчы Паспалітай. Адначасова слушным з’яўляецца
сцверджанне аўтараў аб значнай падтрымцы органамі ўлады ў Заходняй Беларусі
ўласна польскіх таварыстваў, якія, акрамя краязнаўчай дзейнасці, былі скіраваны
на пашырэнне працэсу паланізацыі заходнебеларускага грамадства.
Праблемам ідэалагічнага абгрунтавання падстаў нацыянальна-
вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі прысвечаны працы А.Ф. Смалянчука
[197—203]. Даследуючы польскі нацыянальны рух на заходнебеларускіх
тэрыторыях напачатку ХХ ст., даследчык прыходзіць да высновы, што
асноўныя палажэнні канцэпцыі краёвасці ў пачатку існавання ІІ Рэчы
Паспалітай выкарыстоўваліся як беларускімі навукова-даследчымі
арганізацыямі, так і дзяржаўнымі органамі ўлады. Краёвасць гэтымі
супрацьлеглымі напрамкамі разглядалася па-рознаму: заходнебеларуская
грамадскасць успрыняла яе ў якасці праграмных падстаў для вылучэння
тэрыторыі правядзення даследчай дзейнасці і ў якасці выдзялення Заходняй
Беларусі як аўтаномнай адзінкі ў межах польскай дзяржавы, а кіруючыя ўлады
— выкарысталі яе асноўныя пастулаты для абгрунтавання ўключэння
заходнебеларускай тэрыторыі ў склад ІІ Рэчы Паспалітай. Даследчык таксама
ўпершыню прааналізаваў узаемаадносіны польскага нацыянальнага руху ў
Заходняй Беларусі з беларускім нацыянальна-вызваленчым рухам. Неабходна
адзначыць, што такіх даследаванняў па гэтай праблеме ў беларускай
гістарыяграфіі раней не было. У навуковы абарот гісторык увёў мноства раней
невядомых фактаў і матэрыялаў, якія, безумоўна, пашырылі ўяўленне аб
палітычным развіцці Заходняй Беларусі.
Асобнае месца ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі заходнебеларускага
краязнаўчага руху займаюць працы А.М. Вабішчэвіча, у якіх закранаецца не
толькі гісторыя розных аб’яднанняў Заходняй Беларусі і іх унёсак у вывучэнне і
захаванне заходнебеларускай культурнай спадчыны, але і дзейнасць Таварыства
беларускай школы (далей ТБШ) па пашырэнні асветы сярод мясцовага
насельніцтва [65—73]. У працах аўтар імкнуўся выявіць і прааналізаваць
асобныя аспекты грамадскай дзейнасці як польскіх, так і беларускіх культурных і
навукова-даследчых таварыстваў з уласна краязнаўчымі мэтамі дзейнасці на
тэрыторыі Заходняй Беларусі. Даследчык адзначае пераважна аматарскі характар
міжваеннага заходнебеларускага краязнаўства, асобныя дзеячы і таварыствы
якога праводзілі навуковыя даследаванні, асветніцкую працу і імкнуліся захаваць
гістарычна-культурныя каштоўнасці, створаныя папярэднімі пакаленнямі.
Неабходна адзначыць значны ўнёсак А.М. Вабішчэвіча ў сучасную гістарычную
навуку, бо ў навуковы абарот гісторык увёў вялікую колькасць раней невядомых
фактаў і матэрыялаў, якія пашырылі ўяўленне пра заходнебеларускае
краязнаўства. Акрамя таго, навуковец заклікаў аддаць даніну павагі ўсім асобам,
якія прымалі ўдзел у нацыянальнай, культурна-асветнай і даследчай дзейнасці на
тэрыторыі Заходняй Беларусі.
17
Да ліку найбольш фундаментальных даследаванняў, прысвечаных
вывучэнню праблематыкі захавання заходнебеларускай народнай спадчыны ў
міжваенныя часы, неабходна аднесці шэраг навуковых работ В.А. Лабачэўскай
[135—137]. У даследаваннях прасочваецца комплексны падыход да разгляду
пытанняў вывучэння, ідэнтыфікацыі і захавання народнага мастацтва і промыслаў
Заходняй Беларусі. В.А. Лабачэўская на багатым крыніцазнаўчым матэрыяле
вылучыла асобна дзейнасць заходнебеларускіх Таварыстваў дапамогі народным
промыслам і асвятліла працу заходнебеларускіх музеяў у справе захавання формаў
народнай заходнебеларускай культуры. Аўтар вылучае эвалюцыйны характар і
пераемнасць у краязнаўчай працы на тэрыторыі Заходняй Беларусі, а таксама яе
навуковую аснову, у выніку чаго гэтая дзейнасць праявілася як тэндэнцыя
супрацьстаяння палітыкі паланізацыі і ў гэтым сэнсе дапаўняла сабою беларускі
нацыянальна-вызваленчы рух.
Каштоўны ўнёсак А.І. Валахановіча, В.А. Лабачэўскай, У .М. Міхнюка,
А.А. Цітовай, С. Чыгрына, В.В. Шведа і І.Р . Шпырковай у сучасную беларускую
гістарыяграфію — гэта зварот беларускіх гісторыкаў да персаніфіцыраванай
гісторыі [74, 135, 219, 241, 243, 244]. Менавіта яны першыя звярнулі ўвагу на
забытыя ці раней невядомыя імёны дзеячаў нацыянальна-культурнага руху
Заходняй Беларусі: Д. Георгіеўскага, С. Жыўну, Г. Пеха, І. Стаброўскага,
Б. Тарашкевіча, Л. Турскага і Ю. Ядкоўскага.
Шэраг даследаванняў беларускіх навукоўцаў і музейных супрацоўнікаў у
1990-я гг. даюць агляд такой складаючай заходнебеларускага краязнаўчага руху
як дзейнасць краязнаўчых музеяў на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
Важны ўнёсак у пашырэнне ведаў пра дзейнасць Беларускага музея зрабіў
Л.А. Луцкевіч [169]. Галоўная каштоўнасць гэтага артыкула ў тым, што аўтар
упершыню даволі падрабязна апісаў гісторыю стварэння музея, яго развіццё, а
таксама склад калекцый. Яшчэ дзве працы, прысвечаныя музею І. Луцкевіча,
з’явіліся ў пачатку 1990-х гг. і маюць археаграфічны характар. У першай з іх
Г.А. Сурмач дае кароткую характарыстыку дакументаў з музея, якія былі
перададзены на захоўванне ў БДАМЛіМ [209]. У другой мы знаходзім пералік
архіўных дакументаў музея, якія зараз знаходзяцца ў АН Літвы і
характарызуюцца аўтарам гэтай працы Ю.А. Лабынцавым як “найгалоўнейшы
замежны архіў Беларусі” [138].
У пачатку 1990-х гг. у выніку правядзення ў Гродна шэрага рэспубліканскіх
навукова-практычных канферэнцый, музейная грамадскасць Беларусі ўпершыню
атрымала магчымасць дэталёва пазнаёміцца з абставінамі стварэння і дзейнасці
Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. На жаль, у тэзісах А.А. Салаўёвай і
В.М. Царук, дзе зроблена спроба рэканструкцыі даваеннай гісторыі музея, не
знайшлося месца для паказу краязнаўчай дзейнасці музея ў другой палове 1930-
х гг. [196]. Тэзісы Л.В. Фёдаравай толькі ў сціслай форме перадаюць працэс
камплектавання фондавых калекцый гісторыка-археалагічнага музея, як і
артыкулы Р .М. Акінчыц, С.П. Палхоўскай, В.М. Царук, М.М. Чарняўскага, якія